Спектакль «Мова Х» Пастаноўка, прысвечаная моўнай сітуацыі ў Беларусі,
атрымала спецыяльны прыз у намінацыі «Найлепшая эксперыментальная работа»
на міжнародным фестывалі «Тэатральны Куфар — 2016».
Спектакль быў створаны паводле вершаў сучаснай беларускай паэткі Вальжыны Морт пад назвамі
«Беларуская мова І» і «Беларуская мова ІІ». Рэжысёр пастаноўкі Аляксей Стрэльнікаў/
Вальжына Морт пісала: «Мы і ёсць наша мова»
"Твая мова такая маленькая, што яшчэ й размаўляць ня ўмее..."
Яша Енул, акцёр славенскага вулічнага тэатра "KUD LJUD" і аўтар праекта "Closetland", дзеліцца ўражаннямі пра спектакль "Мова Х"!
«У Аляксея ў спектаклях увесь час такія далікатныя дзяўчаты, якія існуюць у сітуацыі хору.
Па асобнасці яны не выглядаюць моцнымі, але вельмі добрыя ва ўзаемадзеянні. Мы не чуем асобных галасоў, чуем іх разам. Такое цяжка зрабіць з акцёрамі, навучанымі ў класічнай традыцыі, таму што яны ненавідзяць гэта рабіць, бо такі спосаб рабіць тэатр забівае іх "індывідуальнасць". У акторак «Галовы-Ногі» няма такога эга. Гэта дазваляе сканцэнтравацца на тым, што даносіць хор. У чым сутнасць хору? Ён нібыта гаворыць адразу за ўсіх.
Я зразумеў, што ў тэксце гаворка ідзе пра мову - відаць, для беларусаў гэта важная тэма. У славенцаў была падобная сітуацыя гадоў дзвесце таму: тады нацыянальная мова была на другім месцы пасля нямецкай. А потым з'явіўся Францы Прэшэрн, які пачаў пісаць вершы па-славенску. Усе пачалі казаць: "Яго вялікая паэзія даказала, што славенская мова лёгка можа выказваць складанасць рамантычных пачуццяў". І пасля гэтага заданне было як быццам выканана, усё вырашылі, што ўсё даказана, ніхто не вяртаецца больш да гэтай тэмы.
Гэта тое, што трэба рабіць беларусам. Проста казаць, што беларуская мова - лепшая на Зямлі. Гэта ўсё роўна нельга аб'ектыўна ні даказаць, ні абвергнуць. Па вялікім рахунку мовы - гэта проста лексіка і граматыка».