Select your language

Радыкальны пеформанс пра каханне прадстаўлены на сцэне Ок16

Юра Дзівакоў зрабіў спектакль паводле "Песні песняў". У спектаклі аголены мужчына коўзаецца на залітым крывёю стале. Шок! Скандал! Не, гэта ўсяго толькі тэатр.

"Песня песняў" Саламонавых прынцыпова ў перфомансе выконваецца як любоўны тэкст, біблейскі кантэкст яўна адсутнічае. Ёсць момант, калі гераіня паўтарае шмат разоў "Горка!", гэта напамінае адну з версій сутнасці тэксту, маўляў, гэта набор вясельных песень. Вясельны сюжэт лёгка пабачыць у структуры перфоманса: жанчына сядзіць, спявае, прамаўляе, потым з'яўляецца мужчына, і яны застаюцца разам. Але дзея зроблена такім чынам, каб нібыта вызваліць вось гэту энергію сувязі мужчыны і жанчыны, і гэта настолькі моцная энергія, што кантэксты адыходзяць на другі план. "Акт у адной дзеі" -- так названы перфоманс, і гэтым падкрэсліваецца інтэнсіўнасць таго, што адбывалася на сцэне.
У анатацыі сцвярджаецца, што сутнасцю перфоманса з'яўляецца даследаванне цялеснасці. Па сутнасці, цялеснасць прысутнічае на сцэне самім фактам мужчынскага аголенага цела. Яно дэманструецца з экранаў, напрыканцы спектакля з'яўляецца на сцэне непасрэдна. Але рытмы перфоманса настолькі інтэнсіўныя, што мы ў большай ступені слухаем тэкст, чым разглядаем яго просты візуальны складнік. Больш падобна на тое, што мы даследуем эмацыянальны патэнцыял кахання, для якога цела з'яўляецца ўсяго толькі інструментам для выяўленне. Іншае пытанне, што аголенае цела на сцэне з'яўляецца для нашай сціплай культуры вельмі моцным мастацкім сродкам. Аголенае мужчынскае ці жаночае цела не ўспрымаецца грамадствам як нешта нейтральнае, любая прэзентацыя за межамі выглядае скандальным. І фактычна даследуецца ў спектаклі хіба грамадская рэакцыя на такога кшталту сродкі выяўлення. На прэм'еры заля была запоўненая, у Юры Дзівакова шмат прыхільнікаў. 
Агулам імпрэза выглядае як раз цалкам прыстойна. Першую палову імпрэзы актрыса і спявачка Марта Голубева ўвогуле проста сядзіць за доўгім сталом. Рухаецца яна вельмі не шмат. Яна спявае і дэкламуе "Песню песняў", а на фоне паказаны відэаарт Дзіны Даніловіч з удзелам Эльдара Бякірава. Я добра ведаю Эльдара як тэатральнага мэнэджэра, для мяне гэта ягоны дэбют як прафесійнага перфомера. Гэтая першая частка перфоманса Юркі Дзівакова мне асабіста здалася самай цікавай. Абмежаваць артыста ў рухах, даць яму ў дапамогу толькі музыку (дарэчы цудоўную музыку Эрыха Арлова-Шымкуса), і эмацыйны тэкст "Песні песняў" у перакладзе Міжнароднай біблейскай супольнасці.
Хочацца падкрэсліць, наколькі вынаходліва і разнастайна пабудаваны гэты паўгадзінны маналог. У тэксце старанна адшукалі паўторы, рытм, знешнія элементы, і на гэты каркас нанізалі існаванне артысткі. Без адзінай замінкі, строга падпарадкавана рытму Марта Голубева вытрымлівае эмацыйныя амплітуды ад шэпту да крыку. Гэта цудоўная акцёрская праца, якую варта бачыць. Гэта цудоўны прыклад класнага спектакля для камернай сцэны, але логіка перфоманса вымагае, каб гледачы назіралі за артысткай здалёк. Гэта аддаленасць надае і інтэнсіўнасць пасылу для артысткі, і задае логіку фіналу.
У фінале з'яўляецца герой Бякірава. Ён цалкам аголены, але публіка бачыць яго толькі са спіны. Спачатку ён сядзіць, потым устае і страляе ў гераіню, але не забівае. Астатак дзеі сапраўды адбываецца на стале, на які ўвесь час на той момант кропала вадкасць падобная ды крыві. Артыстка кідае яму нейкія крывавыя вантробы, і спектакль сканчаецца тым, што мужчына і жанчына разам ледзь не абдымаюцца.
Спектакль знешне выглядае стылёвым і модным. Мастачка Таццяна Дзівакова адказвае для перфомансаў свайго мужа за візуальны складнік, умее мінімальным сродкамі стварыць агульную прастору, дзе кожная канкрэтная дэталь выглядае цікавай і значнай. Атрымліваецца такая сучасная модная глянцавая прыгажосць, якую выгодна паказваць у instagram. У такіх дэкарацыях эмацыйная экзальтаванасць (асабліва ў фінале) выглядае падкрэслена трывожнымі і "непрыгожымі". Каханне, пра якое ідзе гаворка ў спектаклі, гэта не ўзнёслае рамантычнае пачуццё, а таксічнае жаданне цалкам валодаць і кантраляваць свайго партнёра. "Каханы мой належыць мне, а я -- яму".
Цікавым чынам спектакль нібыта становіцца часткай палемікі наконт таго ж хатняга гвалту. Гвалтоўныя, агрэсіўныя паводзіны, паводле спектакля Дзівакова, гэта натуральны працяг эмацыйных стасункаў. Каб нейкім чынам вырашыць сітуацыю з гвалтам, трэба з большай асцярогай ставіцца да кахання самога па сабе.